Студэнцкае жыццё

Студэнты праграм падрыхтоўкі бакалаўраў ЕГУ маюць магчымасць абраць адну з дзвюх формаў навучання: дзённую (пражыванне і наведванне заняткаў у навучальным корпусе ўніверсітэта ў Вільні) альбо завочную (па месцы жыхарства праз сістэму дыстанцыйнага навучання). Студэнты магістратуры навучаюцца па змяшанай дзённа-завочнай схеме, што спалучае аўдыторныя і дыстанцыйныя заняткі.

У ЕГУ створаныя ўсе неабходныя ўмовы для навучання і побыту студэнтаў. Вопыт і ўважлівае стаўленне педагогаў дапаможа вам хутка адаптавацца ў новым студэнцкім асяроддзі (мабыць, нязвыклым для некаторых учорашніх школьнікаў), пераадолець першапачатковыя цяжкасці росту і выпрацаваць навыкі крытычнага мыслення, асабістай адказнасці і крэатыўнасці.

Студэнцкія гады – гэта не толькі лекцыі, семінары і экзамены, але і новыя сустрэчы, новыя ўражанні ды новыя адкрыцці, магчымасць далучыцца да багатай культуры старажытнай сталіцы Літвы.

Тых, хто жадае атрымаць паўнейшае ўяўленне пра ўсе бакі дзейнасці ЕГУ, запрашаем на штогадовыя дні адчыненых дзвярэй, што арганізуюцца для будучых студэнтаў у кастрычніку і сакавіку (пра даты гэтых мерапрыемстваў можна даведацца па спасылцы на нашым сайце пад рубрыкай Каляндар падзей). Для ўдзельнікаў дзён адчыненых дзвярэй ладзяцца экскурсіі па навучальным корпусе і сустрэчы з выкладчыкамі, студэнтамі і супрацоўнікамі ўніверсітэта. Падчас правядзення такіх дзён усе ахвотныя могуць распачаць працэс паступлення, напісаўшы ўступнае эсэ альбо здаўшы экзамен па кампазіцыі ў ЕГУ.

Нягледзячы на блізіню культур Літвы і Беларусі, некаторыя адрозненні ўсё-ткі існуюць, і пра іх мы распавядзем ніжэй у гэтым раздзеле. Тут вы знойдзеце інфармацыю не толькі пра ЕГУ, але і пра жыццё ў Вільні.

Co-financed by:European Commission