ЕГУ абвяшчае міжнародны конкурс на пасаду Рэктара

ЕГУ абвяшчае міжнародны конкурс на пасаду Рэктара

Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт (ЕГУ) у Вільні аб’яўляе аб пачатку конкурсу на пасаду Рэктара. Міжнародны конкурс будзе ажыццяўляцца ад імя ЕГУ кансалтынгавым агенцтвам «Mercuri Urval» пад эгідай Шведскага агенцтва міжнароднага супрацоўніцтва ў галіне развіцця. Чакаецца, што новы Рэктар заступіць на пасаду ў першай палове 2017 года.

ЕГУ дае студэнтам з Беларусі і памежнага рэгіёну ліберальную адукацыю ў адкрытым і дэмакратычным асяроддзі. ЕГУ быў заснаваны ў Мінску ў 1992 годзе; з 2006 года зарэгістраваны і працуе ў Вільні. Як адзіны ў Еўропе ўніверсітэт у выгнанні, ЕГУ фінансуецца прыватнымі фондамі і донарамі, Еўрапейскай камісіяй, Урадам ЗША ды больш чым 15 краін Еўропы, а таксама падтрымліваецца студэнтамі праз плату за навучанне. Згодна з мэтамі Балонскага працэсу, ЕГУ прытрымліваецца прынцыпаў адукацыі ў галіне вольных навук, мастацтваў і гуманітарных навук як неабходнага падмурка для паспяховай кар’еры і для станаўлення адкрытага, крэатыўнага і дэмакратычнага грамадства. ЕГУ з’яўляецца істотнай інтэлектуальнай пляцоўкай у геаграфічным і інтэлектуальным памежжы між Усходняй і Заходняй Еўропай.

Місія ЕГУ палягае ў тым, каб студэнты ўсіх форм і ступеняў навучання (дзённай і завочнай формы, бакалаўрыяту, магістратуры і дактарантуры) пашыралі свой кругагляд, у той самы час не парываючы повязяў з радзімай і захоўваючы ўласную культурную ідэнтычнасць. Студэнты і выкладчыкі ўніверсітэта прымаюць актыўны ўдзел у працэсе інтэрнацыяналізацыі вышэйшай адукацыі, міжнародных даследчых праектах і канферэнцыях па ўсёй Еўропе.

Адабраны кандыдат будзе працаўладкаваны на 5 (пяць) гадоў з заробкам, які адлюстроўвае цяперашні заробак кандыдата, ды з дадатковымі бонусамі ў залежнасці ад наяўнай кваліфікацыі і геаграфічнага месцазнаходжання кандыдата. Магчымае таксама забеспячэнне пенсійных унёскаў, страхаванне здароўя, пакрыццё выдаткаў на жытло і на школьнае навучанне для дзяцей кандыдата (у выпадку патрэбы).

Асноўная задача Рэктара – дзейнічаць ад імя ўніверсітэта і прадстаўляць інтарэсы ўніверсітэта. Рэктар нясе адказнасць перад Кіраўнічай радай, а таксама наўпрост узаемадзейнічае з супрацоўнікамі адміністрацыі, кіруе шматнацыянальным акадэмічным і адміністрацыйным калектывам. Рэктар ёсць цэнтральнай фігурай у структуры кіравання ўніверсітэтам; ён забяспечвае, што інтарэсы ўсёй універсітэцкай супольнасці бяруцца пад увагу Кіраўнічай радай у працэсе прыняцця рашэнняў. Апроч гэтага, Рэктар адказны за знешнюю інстытуцыйную рэпрэзентацыю ўніверсітэта.

Асноўныя абавязкі будучага кандыдата:

  • Забяспечыць, што падчас яго/яе працы ў якасці Рэктара ЕГУ стане першакласным універсітэтам, які дае студэнтам з Беларусі і рэгіёна найбольш запатрабаваную вышэйшую адукацыю ў вольным і дэмакратычным асяроддзі.
  • Выпрацаваць ясную візію і місію ўніверсітэта, якія будуць адлюстраваныя ў канструктыўных, рэалістычных і амбіцыйных працоўных планах, накіраваных на паспяховае акадэмічнае і фінансавае функцыянаванне ўніверсітэта.
  • Дзейнічаць, абапіраючыся на візію і місію ўніверсітэта, з мэтай паляпшэння рэпутацыі ЕГУ, што прывядзе да павелічэння колькасці студэнтаў. Універсітэт таксама мусіць быць здольным да прыцягнення першакласнага акадэмічнага персаналу.

Асноўныя кваліфікацыйныя патрабаванні да кандыдата:

  • Доктарская (PhD) ці эквівалентная ступень у адпаведнай акадэмічнай галіне.
  • Мінімум 15-гадовы вопыт выкладання і навукова-даследчай дзейнасці на ўніверсітэцкім узроўні, пераважна ў галіне сацыяльных і гуманітарных навук, у тым ліку і адпаведны вопыт у галіне міжнароднага ўніверсітэцкага супрацоўніцтва.
  • Мінімум 5-гадовы вопыт працы на высокай кіруючай пасаде ў галіне вышэйшай адукацыі.
  • Вопыт працы са структурамі Еўрапейскага саюза, у тым ліку добрае веданне спецыфікі супрацы ў галіне еўрапейскай супольнасці ўніверсітэтаў.
  • Вольнае валоданне англійскай мовай.
  • Веданне лакальнага/рэгіянальнага сацыякультурнага кантэксту ды/альбо вопыт універсітэцкай працы ў постсавецкім рэгіёне Усходняй Еўропы ці краін Балтыі ўлічваецца ў якасці станоўчага фактара.
  • Валоданне беларускай ды/альбо рускай мовай улічваецца ў якасці станоўчага фактара.

Патрабаванні і чаканні да прафесійных кваліфікацый кандыдата:

  • Выключныя лідарскія якасці, здольнасць кіраваць універсітэтам і быць ініціятарам зменаў.
  • Выбітныя навыкі кіравання персаналам, у тым ліку здольнасць да кіравання, менеджменту і матывацыі шматнацыянальнай і разнастайнай каманды, у адпаведнасці з мэтамі, дамоўленасцямі, усталяванымі тэрмінамі і бюджэтнымі патрабаваннямі ўніверсітэта.
  • Выбітныя навыкі ацэньвання і прыняцця рашэнняў.
  • Выключныя здольнасці ў галіне міжасабовай і міжкультурнай камунікацыі.
  • Здольнасць да эфектыўнага дэлегавання заданняў.
  • Развітыя канцэптуальныя і аналітычныя навыкі.
  • Здольнасць да шчыльнай супрацы з усімі групамі акадэмічнага персаналу з мэтай распрацоўкі першакласных навучальных праграм і ўмацавання міжнароднай акадэмічнай мадэлі.
  • Здольнасць да разумення важнасці менеджменту фінансаў і рызыкаў.
  • Выбітныя навыкі камунікацыі і пасярэдніцтва, здольнасць да шчыльнай працы з донарамі ўніверсітэта з дзяржаўных і прыватных структур.
  • Фармаванне моцнай і гатовай да супрацы сеткі кантактаў універсітэта ўнутры і па-за межамі рэгіёну, а таксама забеспячэнне годнага ўдзелу ўніверсітэта ў гэтай сетцы.

Патрабаванні і чаканні да асабістых кваліфікацый кандыдата:

  • Упэўненае разуменне ўнікальнасці і патэнцыялу ўніверсітэта ды важнасці забеспячэння першакласнай адукацыі студэнтам з Беларусі і ўсяго рэгіёну, улічваючы цяперашнія і ранейшыя поспехі і гістарычны вопыт ЕГУ.
  • Яснае стратэгічнае бачанне і ўпэўненасць у неабходнасці глыбінных сацыятальных трансфармацый.
  • Станоўчы і настойлівы падыход да працы, імкненне да пераадолення цяжкасцей.
  • Моцны, харызматычны і натхняльны характар.
  • Крэатыўнасць і адкрытасць да новых інавацыйных спосабаў працы.
  • Здольнасць да разумення асабовых характарыстык, матывацый і навыкаў іншых людзей.
  • Успрымальнасць да прапаноў і ідэй іншых людзей.
  • Дыпламатычнасць і пачуццё крытычнасці.
  • Здольнасць да супольнай працы на ўсіх узроўнях дзеля дасягнення агульнай мэты, заснаваная на даверы і ўзаемнай адказнасці.
  • Здольнасць уплываць і пераконваць іншых, пераадольваючы перашкоды і супрацьстаянне.
  • Гатоўнасць прыкласці дадатковыя высілкі ў любы патрэбны момант.

Працэс

2-3 адабраныя кандыдаты (шорт-ліст) будуць запрошаныя прайсці сумоўе і тэсты (для ацэньвання асобы), а пасля на выніковае сумоўе, якое будзе ладзіцца Камітэтам па адборы. Камітэт складаецца з прадстаўніка Агульнага сходу сузаснавальнікаў, Прэзідэнта і ч.в.а. Рэктара ЕГУ, прадстаўнікоў Кіраўнічай рады і Сената (агульная колькасць чальцоў Камітэта – 7 асобаў). Справаздача Камітэта аб выніках сумоўя і неабавязальная рэкамендацыя Кіраўнічай рады (п.п. 6.2.8 Статута) стануць падставай для прыняцця Агульным сходам сузаснавальнікаў выніковага рашэння па прызначэнні Рэктара.

Апошні тэрмін падачы намінацый і заявак: 17 студзеня да 12:00 (поўдзень) па цэнтральнаеўрапейскім часе.

Для падачы заяўкі: кандыдат мусіць даслаць ліст на jobs @ ehu.lt  з апісаннем таго, як ён/яна адпавядаюць заяўленым вышэй характарыстыкам, сферам адказнасці і патрабаванням. Заяўка мусіць уключаць:

  • Рэзюмэ (жыццяпіс) разам са спісам акадэмічных публікацый ды/альбо навуковых дасягненняў.
  • Афіцыйныя дакументы, якія пацвярджаюць наяўнасць у кандыдата найвышэйшай з атрыманых ім/ёй навуковых ступеняў.
  • Імёны, адрасы эл. пошты і кантактныя тэлефоны мінімум 5 (пяці) прафесіяналаў-рэкамендуючых асоб. З рэкамендуючымі асобамі будуць звязвацца толькі ў выпадку адбору кандыдатаў.

У дачыненні да ўсёй прадстаўленай кандыдатамі інфармацыі будзе забяспечвацца канфідэнцыйнасць.

Каляндар конкурсу па пошуку Рэктара:

  • Пошук кандыдатаў агенцтвам «Mercuri Urval»: 1 лістапада 2016 г. – 17 студзеня 2017 г.
  • Лонг-ліст кандыдатаў: да канца студзеня 2017 г.
  • Камітэт па адборы складае шорт-ліст з 2-3 кандыдатаў: да 3 лютага 2017 г.
  • Першасныя сумоўі і ацэньванне асобаў (тэсты): 3-24 лютага 2017 г.
  • Прадстаўленне вынікаў Камітэту па адборы: 27-28 лютага 2017 г.
  • Сумоўе Камітэта па адборы з адабранымі кандыдатамі: 8-12 сакавіка 2017 г.
  • Прыняцце Агульным сходам сузаснавальнікаў выніковага рашэння: 17-24 сакавіка 2017 г.
  • Пачатак працы новага Рэктара: на працягу другога квартала 2017 г.

Калі ў вас ёсць канкрэтныя пытанні наконт гэтай вакансіі, калі ласка, звяртайцеся да сп-ра Сэбасцьяна Волькерса, старэйшага віцэ-прэзідэнта «Mercuri Urval» па эл. пошце sebastian.volkers @ mercuriurval.com альбо па тэлефоне +32 491 62 96 05.

У адпаведнасці з палітыкай падбору кадраў ЕГУ, кандыдаты не дыскрымінуюцца на падставе ўзросту, колеру скуры, фізічных недахопаў, этнічнай прыналежнасці, грамадзянскага стану, нацыянальнасці, расы, веравызнання, гендару, сэксуальнай арыентацыі ці любых іншых якасцяў, абароненых законам.

Падобныя навіны
Co-financed by:European Commission