Грамадзянскі актывіст і выпускнік ЕГУ Сяргей Бахун: «Варта выкарыстоўваць тыя магчымасці, якія дае нам час»

Грамадзянскі актывіст і выпускнік ЕГУ Сяргей Бахун: «Варта выкарыстоўваць тыя магчымасці, якія дае нам час»

У 2009 годзе Сяргей Бахун скончыў магістарскую праграму «Дэмакратыя і грамадзянская супольнасць» Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (ЕГУ). Сёння Сяргей займаецца выданнем незалежнага інтэлектуальнага часопіса «ARCHE. Пачатак».

У адмысловым інтэрв’ю выпускнік ЕГУ дзеліцца досведам навучання ЕГУ і распавядае пра асаблівасці выдавецкай дзейнасці ў Беларусі.

Сяргей, у 2009 годзе Вы скончылі магістарскую праграму ЕГУ «Дэмакратыя і грамадзянская супольнасць». Вы належыце да тых выпускнікоў, хто актыўна спрабуе спрычыняцца да станоўчых зменаў у нашай краіне праз сваю працу. Распавядзіце, калі ласка, чым Вы ў дадзены момант займаецеся?

Навучанне ў магістатуры ЕГУ дало мне добрую тэарэтычную падрыхтоўку, дазволіла азнаёміцца з працамі аўтарытэтных навукоўцаў і мысляроў і праслухаць лекцыі паважаных выкладчыкаў. Сваё навучанне я планаваў як падрыхтоўку тэарэтычнай базы для скарыстання яе ў беларускіх рэаліях. Нават тэму магістэрскай дысертацыі я ўзяў «Дэмакратычная апазіцыя ў Рэспубліцы Беларусь: эвалюцыя стратэгіі і тактыкі» з мэтай вызначэння эфектыўнасці стратэгіі і тактыкі беларускай апазіцыі. Мне хацелася сваім навучаннем прынесці хоць невялічкі ўнёсак у дэмакратычныя пераўтварэнні ў Беларусі. Дарэчы, апісаны мной у дысертацыі дысідэнцкі складкік беларускай дэмакратычнай апазіцыі прызнаецца сёння і аўтарытэтнымі палітолагамі.

У дадзены момант я працую дырэктарам ТАА «Гайсак». Наша арганізацыя займаецца выданнем часопіса «ARCHE. Пачатак». Артыкулы гэтага часопіса, я перакананы, з’яўляюцца карысным дапаможнікам студэнтам і выкладчыкам паліталагічных праграмаў ЕГУ.  Акрамя часопіса мы выдаем і кніжкі па гісторыі, краязнаўству, кнігазнаўству, культуры, сацыялогіі, філасофіі і іншых галінах гуманітарных ведаў. Шмат перакладаем на беларускую мову кніжак замежных аўтараў з беларускім кантэнтам. Наш часопіс «ARCHE. Пачатак» і кнігі карыстаюцца попытам, таму ў планах – працягваць гэтую запатрабаваную працу.

Вы актыўна ўцягнутыя ў грамадскую дзейнасць. Як Вы ацэньваеце планы Вашага былога паплечніка па «Руху за Свабоду» і выпускніка ЕГУ Алеся Лагвінца па стварэнні арганізацыі «Дзея»?

Алесь Лагвінец для мяне з’яўляецца аўтарытэтым палітолагам і сумленным чалавекам. Мець такога паважанага паплечніка, для мяне сапраўдны гонар і вялікая адказнасць.

Шкада, што ў сённяшняй Беларусі такія асобы, як Алесь Лагвінец, незапатрабаваныя на дзяржаўнай службе. Я перкананы, што ў любой дэмакратычнай краіне такія асобы працуюць на міністэрскіх і дэпутацкіх пасадах. Бо ў дэмакратычных дзяржавах цэняцца людзі з досведам, адукацыяй і ведамі. Я веру, што мы застанем час, калі наш досьвед спатрэбіцца не толькі ў грамадскай сферы, але і ў дзяржаўным будаўніцтве.

Што ж тычыцца грамадскай ініцыятывы «Дзея», то яна мяне прыцягнула наяўнасцю пазітыўных і крэатыўных актывістаў якіх я смела магу назваць паплечнікамі і аднадумцамі. Менавіта ў такой арганізацыі і з такімі сябрамі я сёння бачу магчымасць максімальна рэалізаваць свае задумы і ідэі. Для таго, каб ініцыятыва «Дзея» была карыснай і не акумулявала ў сваіх шэрагах сябраў некалькіх іншых арганізацый, мы прынялі рашэнне на ўстаноўчым сходзе, што ў кіруючым органе арганізацыі – Радзе – ня могуць быць сябры кіруючых органаў іншых арганізацый. Такое рашэнне сведчыць аб тым, што дзейнасць «Дзеі» будзе абапірацца на свае сілы, ня будзе адлюстраваннем іншых арганізацыі, а будзе карыснай для грамадства і Беларусі.

Вы вядомыя ў Беларусі па Вашай плённай выдавецкай дзейнасці, але не ўсе ведаюць, як можна прыдбаць часопіс «ARCHE. Пачатак» і кнігі, якія Вы выдаеце. Як найлепш гэта зрабіць? Можа быць, плануюцца нейкія навінкі, пра якія Вы маглі б распавесці?

Часопіс «ARCHE. Пачатак» і кнігі нашага выдавецтва можна набыць у менскай кнігарні «Акадэмкніга» і на сталічных кніжных выставах. Зараз мы вядзем перамовы з мэтай распаўсюду нашых выданняў праз гандлёвыя сеткі «Белсаюздруку» і «Белкнігі».

Таксама на часопіс «ARCHE. Пачатак» можна падпісацца на любым паштовым аддзяленні Беларусі і атрымліваць яго ў паштовую скрынку.

Існуе магчымасць замовы і аплаты нашых выданняў наўпрост з нашага сайту. У нас можна набыць таксама і электорнныя варыянты нумароў часопіса «ARCHE. Пачатак», кніжак і асобных артыкулаў.

Як бачыце, знайсці нашы выданні не так ўжо і складана. Мы працуем над пашырэннем аўтарскага асартыменту, які задаволіць попыт нашых чытачоў. З навінак, чакаюцца выданні па даследаванню партызанскіх рухаў на тэрыторыі Беларусі ў часы Другой сусветнай выйны.

Людзі зараз усё больш і больш часу праводзяць перад экранамі электронных прыладаў. Ці мае перспектыву рынак беларускамоўных электронных кнігаў?

Так, гэты трэнд на электронныя кнігі запатрабаваны і ў Беларусі. Таму мы намагаемся ісці ў нагу з часам і прапаноўваем свае выданні ў электронным варыянце. Асабліва зручна карыстацца такой паслугай замежным чытачам нашых выданняў. Бо электроннае выданне можна даслаць ў любую кропку планеты імгненна і пазбягаючы паштовых выдаткаў.

Дарэчы, калі я вучыўся ў магістратуры ЕГУ, то мне вельмі бракавала добрых электронных выданняў з навуковым зместам. Зараз відавочна такой праблемы ўжо не існуе.

А што наконт беларускамоўных аўдыёкніг? Ці ёсць такія? У Злучаных Штатах і Еўропе яны цяпер карыстаюцца папулярнасцю, бо іх можна слухаць на смартфоне, напрыклад, бегаючы па парку ці кіруючы аўтамабілем.

Мне здаецца, па аўдыёкнігах пакуль перспектывы хутчэй будуць адмоўныя. У Беларусі былі спробы некаторых выдаўцоў і аўтараў выдаць аўдыёкнігі, але прарыву на выдавецкім рынку яны не зрабілі. Таму пакуль наш накірунак – гэты папяровыя і электронныя выданні.

Ральф Эмерсан неяк сказаў «Чалавек створаны з кніг, якія ён чытае». Ці згодныя Вы з такім сцверджаннем. Якія кнігі любіце чытаць Вы? Што маглі б параіць абітурыентам і студэнтам ЕГУ для абавязковага азнаямлення?

Цалкам згодны са сцверджаннем Ральфа Эмерсана. Менавіта кнігі і яшчэ бацькоўскае выхаванне, фарміруюць тыя каштоўнасці, якія потым чалавек будзе несці і абараняць на працягу жыцця. Я вырас на творах Уладзіміра Высоцкага. Ён казаў пра кнігі наступнае:

«Если, путь прорубая отцовским мечом,

Ты соленые слёзы на ус намотал,

Если в жарком бою испытал, что почём, –

Значит, нужные книги ты в детстве читал!»

З маіх рэкамендацый я параю чытаць розных аўтараў і рабіць свае вынікі. Натуральна трэба знаёміцца ня толькі з замежнымі даследчыкамі, але і з нашымі айчыннымі аўтарамі.

Нехта з вялікіх сказаў: «Каб убачыць нябачнае, трэба ўгледзецца ў бачнае». Нам варта выкарыстоўваць тыя магчымасці, якія дае нам час, і станоўчы вынік тады абавязкова будзе.

Жадаю поспехаў ўсім абітурыентам і навучэнцам ЕГУ! Няхай тэарэтычная праца нашага ўніверсітэта дасць практычны плён у пабудове дэмакратычнай і свабоднай Беларусі.

Падобныя навіны
Co-financed by:European Commission