Летняя школа літоўскай мовы ЕГУ: «Каб загаварыць на мове, трэба на ёй размаўляць»p

Летняя школа літоўскай мовы ЕГУ: «Каб загаварыць на мове, трэба на ёй размаўляць»

Як вядома, каб загаварыць на замежнай мове, трэба на ёй размаўляць. А што для гэтага можа быць лепш, чым наўпросты кантакт з носьбітамі мовы ў іх жа краіне? Пры фінансавай падтрымцы Міністэрства замежных спраў Літвы студэнты Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (ЕГУ) атрымалі выдатную магчымасць вывучаць літоўскую мову ў Летняй школе «Laba diena!», якая адбылася 3-14 ліпеня ў Вільні.

Шэсць гадзін штодзённых інтэнсіўных аўдыторных заняткаў, а затым выкарыстанне атрыманых ведаў на практыцы – усё гэта дало свой плён. У кароткі тэрмін студэнты змаглі навучыцца весці элементарную размову па-літоўску, разумець цэлыя сказы і фразы ў канкрэтных штодзённых абставінах, чытаць і перакладаць тэксты, асобныя надпісы і інфармацыйныя табліцы, але самае галоўнае – глыбей спазнаць нашых блізкіх суседзяў.

Каб спасцігнуць літоўскі нацыянальны дух, у дзень урачыстага святкавання каранацыі Міндоўга 6 ліпеня студэнты ўзняліся на гару Трох Крыжоў і разам з тысячамі віленчукоў праспявалі літоўскі нацыянальны гімн «Tautiška giesmė».

Надзвычай багатая культурная праграма летняй школы прадугледжвала наведванне шэрагу музеяў, а таксама знакамітых мясцін літоўскай гісторыі і культуры. Шмат уражанняў і эмоцый у кожнага са студэнтаў пакінулі Літоўскі нацыянальны музей, Цэнтр пазнання Літоўскай дзяржавы ў Прэзідэнтуры, Палац вялікіх князёў літоўскіх (ва ўнутраным дворыку якога мы з задавальненнем паглядзелі прэм’еру сучаснага спектакля «Міндоўг»), Медніцкі замак, найвышэшая кропка Літвы гара Юозапіне і іншыя.

У час паездкі ў мястэчка Кернава – першую сталіцу ВКЛ паводле літоўскай гістарыяграфіі – мы змаглі прыняць удзел у Міжнародным фестывалі жывой археалогіі, агледзець старажытныя гарадзішчы, прайсціся па рэканструяваным сярэднявечным горадзе. Хочаш пасмакаваць сярэднявечны хлеб? Ласкава просім! Ці маеш жаданне адчуць сябе ў ролі ваяра тых часоў? Даспехаў ды зброі хопіць на ўсіх! Бачыш старажыныя вырабы, прылады, народныя строі – і разумееш, што гісторыя тут ажывае.

Карыснай і цікавай была вандроўка ў Музей народнага побыту Літвы ў мястэчку Румшышкес. Амаль дзень спатрэбіўся, каб абысці і агледзець усю экспазіцыю пад адкрытым небам. Тут мы азнаёміліся з традыцыйным жыллём і гаспадаркай прадстаўнікоў асноўных этнаграфічных рэгіёнаў Літвы: Дзукіі, Аўкштайціі, Жэмайціі, Сувалкіі і Малой Літвы. Асобна прашпацыравалі па ўзноўленаму мястэчку міжваеннай Літвы і, нарэшце, зазірнулі ў аўтэнтычную карчму з нацыянальнымі літоўскімі стравамі.

Цяпер без перабольшвання можам сцвярджаць: калі жадаеце адкрыць Літву па-сапраўднаму – пачніце з вывучэння літоўскай мовы! Напрыклад, у летняй школе ЕГУ.

Аўтар: студэнт 1 курса бакалаўрскай праграмы працяглай формы навучання «Сусветная палітыка і эканоміка» ЕГУ Васіль Шэлехаў

Co-financed by:European Commission