Літоўская мова адкрывае новыя магчымасці для беларускіх студэнтаў і выпускнікоў ЕГУp

Літоўская мова адкрывае новыя магчымасці для беларускіх студэнтаў і выпускнікоў ЕГУ

Пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў Літоўскай Рэспублікі цягам вясенняга семестра 2016/17 навучальнага году ў Мінску ладзяцца курсы па вывучэнні літоўскай мовы для студэнтаў і выпускнікоў Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (ЕГУ).

Заняткі праводзяцца як для пачаткоўцаў, так і для тых, хто ўжо вывучаў літоўскую мову ва ўніверсітэце. Удзельнікі курсаў за гэты час здолелі падвысіць свой ўзровень валодання мовай нашых бліжэйшых суседзяў, пазнаёміліся з моўнымі прынцыпамі і падабенствамі, якія маюць беларуская і літоўская. А таксама, дзякуючы цікавай арганізацыі заняткаў, адкрылі для сябе літоўскую літаратуру, паэзію, бардаўскія спевы літоўскіх выканаўцаў, фальклор – важныя крыніцы навучання, якія таксама пашыраюць культурныя межы.

«Для мяне гэтыя курсы сталі перадусім крокам наперад у валоданні мовай, – кажа Рацібор Бягун, слухач моўных курсаў, выпускнік ЕГУ 2012 года, а цяпер дактарант Універсітэта Вітаўта Вялікага ў Коўне – Ведаць літоўскую мне неабходна для прафесійнага росту і паспяховага навучання ў дактарантуры. Хоць мову нельга назваць простай, але ўсё ж я ўпэўнены – хто вывучае, той атрымае».

Паэтка, эсэістка, журналістка і выпускніца ЕГУ 2011 года Сабіна Брыло цікавіцца літоўскай мовай для развіцця творчых магчымасцяў. Сабіна – удзельніца літаратурных фестываляў, у тым ліку, фестывалю «Вясна паэзіі», які амаль штогод ладзіцца Міністэрствам культуры Літвы. Шмат яе вершаў перакладзеныя на літоўскую мову вядомым паэтам Гінтарасам Граяўскасам. «Гэтая мова падаецца мне вельмі натуральнай – не штучнай. На ёй можна размаўляць пра пачуцці, пра сакральныя рэчы – і рабіць гэта без патасу, а простымі словамі. Я вельмі ўдзячная курсам за магчымасць вывучаць літоўскую».

Удасканаліць набытыя веды студэнты ЕГУ змогуць ў час правядзення Летняй школы па вывучэнні літоўскай мовы і культуры «Laba diena!», якая адбудзецца 3–14 ліпеня ў Вільні.

Аўтар: Юры Внуковіч

Co-financed by:European Commission