«Топас» абвяшчае пра збор матэрыялаў для новага нумара

«Топас» абвяшчае пра збор матэрыялаў для новага нумара

Філасофска-культуралагічны часопіс «Топас» Цэнтра даследванняў па філасофскай антрапалогіі Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (ЕГУ) абвяшчае пра збор матэрыялаў для нумара, які выйдзе ў 2017 гаду. Тэма нумара: P.S. Soundscapes

Нумар будзе прысвечаны даследаванням філасофскіх, сацыяльных і культурных праблем гуку, слухання і музыкі. Асаблівую ўвагу мы надаем «гукавым ландшафтам» Усходняй Еўропы і былога СССР.

Важна! Тэрмін прыёму артыкулаў і рэцэнзій – да 1 траўня 2017 г.

Інструкцыі для аўтараў можна знайсці на сайце часопіса: http://topos.ehu.lt/journal/info-for-authors/

Матэрыялы неабходна дасылаць на адрас: journal.topos @ ehu.lt

Назва нумара, P.S. Soundscapes, мае для нас дзве важныя інтэрпрэтацыі.

Па-першае, гук у эпоху «візуальнага павароту» часта заставаўся «бедным сваяком» візуальных і культурных даследаванняў. Аднак з сярэдзіны ХХ стагоддзя ён становіцца ключавым элементам уздыму і трансфармацый папулярнай культуры, эксперыментаў на межах мастацтва, мыслення, музыкі і дачыненняў паміж людзьмі і асяроддзем.

Знакамітая «нямая» фартэпіянная п’еса Джона Кейджа «4:33» – правакацыя, якая змушае задумацца аб тым, як пачутае злучае індывідаў з наваколлем, а таксама аб пранікальнай мяжы паміж музыкай, слуханнем і асяроддзем, у якім узнікаюць гукі.

Адпаведна, першае значэнне «P.S.» у назве запланаванага нумара мусіць зацвердзіць важнасць рэфлексіі з нагоды гуку як пастскрыптума да “прымату” бачання. Мы чакаем артыкулы, якія паказваюць, якім чынам даследаванне феноменаў гуку і слухання ўзбагачае і трансфармуе наша разуменне самых розных аспектаў індывідуальнага і калектыўнага жыцця.

Другая інтэрпрэтацыя «P.S.» адносіцца да ідэі распрацаванай намі ў публікацыі, прысвечанай гарадскім даследаванням, P.S. Landscapes: Оптыка гарадскіх даследаванняў (Вільнюс: Выдавецтва ЕГУ 2008). Тады тэрмін «P.S.» адсылаў да «постсацыялістычнага» рэгіёна, адначасова дапускаючы, што тэрмін мае сур’ёзныя хібы і абмежаванні.

Іншымі словамі, другі сэнс «P.S. Soundscapes» азначае, што мы заклікаем даследаваць узнікненне і трансфармацыі мыслення пра гук у постсацыялістычных краінах Усходняй Еўропы і былога СССР.

Гэтая задача мае два аспекты. Па-першае, мы плануем прэзентаваць праблемы, датычныя гуку, над якімі працуюць даследчыкі з гэтага рэгіёна. Па-другое, прадставіць агляд канкрэтных пытанняў або характарыстык саўндскейпаў, што ўзнікаюць у сувязі з гэтым рэгіёнам, гарадамі, вёскамі, ландшафтамі, архітэктурай, музычнымі індустрыямі, медыяландшафтамі, тэхналагічнымі і перфарматыўнымі парадыгмамі, супольнасцямі і сцэнамі, якія тут існуюць.

Задачы нумара

  1. Зацвердзіць месца гуку як важнага вузла ў сучасных гуманітарных даследаваннях, а таксама прэзентаваць ключавыя праблемы, што ўзнікаюць у гэтай сувязі.
  2. Даследаваць праблемы гуку, што ўзнікаюць у постсацыялістычным рэгіёне.

Плануюцца публікацыі ў наступных абласцях:

  • sound studies (гукавыя даследаванні);
  • сацыялогія музыкі;
  • гук/слуханне і філасофія;
  • гук і бачанне;
  • гук і медыядаследаванні;
  • стасункі паміж гукам, слуханнем і музыкай;
  • гук і прастора (музыка і ідэнтычнасць месца; лакальныя ці рэгіянальныя саўндскейпы: музыка і супольнасці; фестывалі);
  • event studies (даследаванні падзей);
  • лакалізаваныя музычныя індустрыі (музыка і праца);
  • гук і тэхналогіі;
  • гук і псіхалогія/кагнітыўная навука;
  • гукавы дызайн і архітэктура (атмасферы);
  • даследаванні папулярнай музыкі;
  • этнамузыкалогія і посткаланіялізм.

Рэдактары нумара: дацэнт Дэпартамента медыя Бэнджамін Коўп (benjamin.cope @ ehu.lt) і лектар Павел Няхаеў (pavel.niakhayeu @ ehu.lt).

Co-financed by:European Commission