Усё больш выпускнікоў ЕГУ становяцца запатрабаванымі ў Беларусі

Усё больш выпускнікоў ЕГУ становяцца запатрабаванымі ў Беларусі

Больш за палову выпускнікоў Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (ЕГУ) сёння пражываюць у Беларусі, і большасць з іх працаўладкаваныя ў сферах, якія звязаныя з атрыманай у ЕГУ адукацыяй. Гэтыя і іншыя станоўчыя тэндэнцыі былі выяўленыя ў выніку правядзення апытання сярод выпускнікоў ЕГУ.

Паводле дадзеных апытання, 62,2% выпускнікоў ЕГУ пражываюць у Беларусі, куды яны вярнуліся пасля заканчэння навучання ва ўніверсітэце. Цэлых 83,3% рэспандэнтаў маюць сталае месца працы, якое ў большасці выпадкаў цалкам або часткова адпавядае накірунку іх навучання ў ЕГУ. Выпускнікі працуюць як у прыватным сектары (64,6%), няўрадавых арганізацыях (17,4%), так і дзяржаўных установах Беларусі (10,1%).

Высокая якасць адукацыі ў ЕГУ дае выпускнікам шэраг пераваг перад іншымі і робіць іх запатрабаванымі на рынку працы Беларусі. Асабліва важным паказчыкам кар'ерных дасягненняў выпускнікоў ЕГУ з'яўляецца памер іх даходаў - 49,4% выпускнікоў зарабляюць вышэй сярэдняна штомесячнага заробку па гораду Мінску.

Па словах Анастасіі Машчавай, выпускніцы бакалаўрскай праграмы «Медая і камунікацыя» 2015 года: «Падчас навучання ў ЕГУ здавалася, што загружанасць проста велізарная, асабліва, калі гэта сумяшчалася з працай. Аднак, як паказала практыка, усе намаганні былі не марныя. Я атрымала сапраўды якасную адукацыю, нягледзячы на дыстанцыйную форму навучання, што зараз дапамагае мне ў працы не толькі ў выглядзе дыплома, але і ў выглядзе ведаў, атрыманых ува ўніверсітэце. Наогул, я вельмі задаволеная навучаннем у ЕГУ і думаю пра паступленне ў магістратуру».

Адукацыя, якую выпускнікі атрымалі ў ЕГУ, безумоўна, паспрыяла іх поспехам і аказала станоўчы ўплыў на самарэалізацыю ў прафесійнай і асабістай сферы. Менавіта такое меркаванне выказалі 89,1% рэспандэнтаў, якія пацвердзілі, што навучанне ў ЕГУ дапамагло ім атрымаць карысныя тэарэтычныя веды і грунтоўную практычную падрыхтоўку, якая палегчыла іх працаўладкаванне і кар'ерны рост у Беларусі.

Апытанне выпускнікоў ЕГУ праводзілася ў лістападзе-снежні 2015 г. Да ўдзелу ў ім запрашаліся ўсе выпускнікі, якія скончылі адукацыйныя праграмы ЕГУ як у Мінску, так і ў Вільні.

Падобныя навіны
Co-financed by:European Commission