VI Кангрэс даследчыкаў Беларусі адбудзецца пры падтрымцы ЕГУ

VI Кангрэс даследчыкаў Беларусі адбудзецца пры падтрымцы ЕГУ

Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт (ЕГУ) разам з Інстытутам палітычных даследванняў «Палітычная сфера» стаў суарганізатарам VI Міжнароднага кангрэса даследчыкаў Беларусі, які адбудзецца ўва Універсітэце Вітаўта Вялікага ў Коўне ў пачатку кастрычніка.

7-9 кастрычніка Міжнародны кангрэс даследчыкаў Беларусі ўжо ў шосты раз збярэ ў Коўне беларускіх і замежных вучоных, аналітыкаў, экспертаў, прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці і інтэлектуалаў, чыя праца звязана з Беларуссю. Кангрэс з’яўляецца адным ў найбольш значных інтэлектуальных мерапрыемстваў у сучаснай акадэмічнай прасторы Беларусі і стане буйнейшай незалежнай пляцоўкай для абмеркавання вынікаў навуковых даследванняў, прысвечаных разнастайным аспектам беларускай гісторыі і сучаснасці.

Праграма Кангрэса ўключае прэзентаці і круглыя сталы, а таксама вялікую колькасць секцый і панэлей, мадэратарамі і ўдзельнікамі якіх стануць выкладчыкі і выпускнікі ЕГУ. Падчас мерапрыемства таксама запланавана адкрыццё выставы мастацкіх прац студэнтаў-дызайнераў ЕГУ, а таксама іншыя культурныя і грамадскія мерапрыемствы.

Выкладчыкі ЕГУ праф. Ірына Раманава, дацэнт Сяргей Любімаў, д-р Вольга Сасункевіч, д-р Ала Пігальская, д-р Таццяна Чуліцкая і лектар Уладзіслаў Іваноў абмяркуюць традыцыі даследвання Беларусі і лакальныя даследчыя практыкі ў межах круглага стала «Што такое беларускія даследванні сёння і якімі яны мусяць быць?». Т. Чуліцкая таксама выступіць з дакладам «Дыскурсіўная глеба рэжыма дабрабыту ў Беларусі (2006-2015)». Дац. І. Соркіна прадставіць даклад па тэме «Пакінем іх уласнаму лёсу: габрэі вачыма ксяндзоў напярэдадні Халакосту (прыклад парафій Глыбоцкага дэканату, 1935 г.)». У. Іваноў таксама выстьупіць з вынікамі сацыялінгвістычнага аналіза мовы беларускай дыяспары, а таксама прадставіць сваю новую кнігу «Гід па фемінізацыі беларускай мовы». Д-р Сцяпан Стурэйка распавядзе аб смене парадыгмы культурнай спадчыны на прыкладзе адноўленых цэркваў Віцебска, а таксама будзе мадэраваць дзве панэлі секцыі «Спадчына і супольнасці. Спадчына як інструмент параўтварэнняў». У межах гэтай секцыі выступіць лектар ЕГУ Сяргей Харэўскі з дакладам на тэму «Актуальныя пытанні захавання і інтэрпрэтацыі культурнай спадчыны Заходняй Беларусі».

У 2016 годзе выпускнікі ЕГУ складаюць значную частку ўдзельнікаў і выступяць у кожнай секцыі Кангрэса. Выпускнік-палітолаг Вадзім Смок стане мадэратарам панэлі «Дэзінтэграцыя дэзінтэграцыі: палітыка і эканоміка на постсавецкай прасторы пасля 2008 года». Ірына Саламаціна, якая ў 2008 г. скончыла магістратуру ЕГУ па візуальных і культурных даследваннях, правядзе дыскусіі ў секцыі, прымеркаванай гендарнаму падыходу ў палітычным і акадэмічным мэйнстрыме постсацыялістыных краін і прадставіць даклад «Стварэнне гіда-экскурсіі Адкрытыя арт-прасторы: майстэрні мастачак». У гэтай секцыі па тэме «жаночай гісторыі» таксама выпступіць выпускніца ЕГУ Сняжана Рогач. Паліна Скурко, абраная лепшай выпускніцай магістратуры 2016 г., прачытае даклад «Кнігі Віленскага праваслаўнага братэрства: рэпертуар і праблема распаўсюду». Падчас прадстаўнення вынікаў уласных даследванняў выпускнікі ЕГУ таксама закрануць пытанні медыйных войнаў і рэпрэзентацыі падзей у беларускіх медыя, канструявання палітычнага працэса ў Беларусі, праблематыкі суадносін розных відаў права, спадчыны Максіма Багдановіча, ролі рэлігійных арганізацый у крос-канфесійных даследваннях, даследванняў традыцыі беларускай дуды і трансфармацыі грамадства праз сучасную фатаграфію.

У межах мерапрыемства таксама адбудзецца ўзнагароджванне лаўрэатаў Прэміі Міжнароднага кангрэса даследчыкаў Беларусі за лепшую навуковую публікацыю. У шорт-ліст Прэміі ўвайшлі кнігі выкладчыкаў ЕГУ праф. Генадзя Сагановіча «Грунвальд у беларускай гісторыі. Спроба разбору палітычнага міфа» і д-ра В. Сасункевіч «Informal Trade, Gender and the Border Experience», а таксама выпускнікоў ЕГУ Цімафея Авіліна «Паміж небам і зямлёй: этнаастраномія» і Міколы Волкава «Артылерыя Нясвіжскага замка».

Больш падрабязная праграма VI Кангрэса даследчыкаў Беларусі знаходзіцца па спасылцы.

Рэгістрацыя гасцей, удзельнікаў круглых сталоў і валанцёраў працягваецца да 30 верасня па спасылцы.

Падобныя навіны
Co-financed by:European Commission