Выйшла кніга прафесара ЕГУ Г. Сагановіча аб Грундвальдзе

Выйшла кніга прафесара ЕГУ Г. Сагановіча аб Грундвальдзе

У выдавецтве Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (ЕГУ) выдадзена новая кніга прафесара Дэпартамента гісторыі Генадзя Сагановіча «Грунвальд у беларускай гісторыі: Спроба разбору палітычнага міфа».

Кніга прысвечана бітве пад Грунвальдам як факту грамадскай свядомасці – яе  «пасмяротнаму жыццю» ў гістарычнай думцы і сацыяльнай памяці Беларусі. Аўтар паспрабаваў выявіць шляхі і абставіны пашырэння ўстойлівых уяўленняў пра бітву 1410 г. у навуковым і публічным дыскурсе, а таксама паказаць іх ідэалагічны змест і грамадска-палітычнае прызначэнне.

Крыніцамі для даследавання паслужылі выданні навуковай гістарыяграфіі, навучальная літаратура і гістарычная публіцыстыка, а таксама рэлевантныя творы беларускай белетрыстыкі. Сабраны эмпірычны матэрыял аналізаваны з улікам шырокага міжнароднага кантэксту актуалізацыі памяці пра Тэўтонскі ордэн, а таксама ў сувязі з ідэалагічнымі канцэптамі польскага Грунвальда і нямецкага Таненберга. Асобная ўвага прысвечана практыкам ідэалагічнай інструменталізацыі бітвы ў Савецкім Саюзе, якія ў многім і прадвызначылі фармаванне афіцыйнай памяці пра бітву ў БССР. З даследавання вынікае, што комплекс ідэй і перакананняў, ідэнтыфікаваных у кнізе як беларускі міф Грунвальдскай бітвы, пачаў фармавацца толькі ў савецкую эпоху.

Яе вытокі звязваюцца з дыскурсам антынямецкай прапаганды ўзору Вялікай Айчыннай вайны. Аўтар спадзяецца, што праца можа дапамагчы шырокаму колу чытачоў лепш зразумець ідэалагічнае паходжанне і анахранічнасць сімвалічнага зместу асноўнага наратыва пра Грунвальдскую бітву, пашыранага ў сённяшняй Беларусі.

Прэзентацыя кнігі прафесара Г. Сагановіча плануецца ў вясеннім семестры 2015-16 вучэбнага года.

Чытачы могуць азнаёміцца з кнігай «Грунвальд у беларускай гісторыі: Спроба разбору палітычнага міфа» гэтаксама ў бібліятэцы ЕГУ.

 

Падобныя навіны
Co-financed by:European Commission