Выпускнік ЕГУ атрымаў прэмію VI Кангрэса даследчыкаў Беларусіp

Выпускнік ЕГУ атрымаў прэмію VI Кангрэса даследчыкаў Беларусі

7-9 кастрычніка ў Коўне адбыўся VI Міжнародны кангрэс даследчыкаў Беларусі, аргазатарам навуковага форума сталі Інстытут палітычных даследванняў «Палітычная сфера» і Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт (ЕГУ).

На ўрачыстай цырымоніі адкрыцця Кангрэса даследчыкаў Беларусі Кіраўнік адміністрацыйнай частцы ЕГУ праф. Аляксандр Калбаска звярнуўся да 500 удзельнікаў мерапрыемства: «Хрыстос, як вядома, прызямліўся ў Гародні. Кангрэс — у Коўне, а ўніверсітэт — у Вільні. Кастрычнік 2016 года шосты раз збірае даследчыкаў, якія разглядаюць еўрапейскасць беларускасці і беларускасць еўрапейскасці. Кастрычнік 2016 года ў 12-ы раз збірае ў Вільні выкладчыкаў і студэнтаў якія разважаюць над тымі самымі пытаннямі. Я з гонарам не толькі вітаю ўдзельнікаў Кангрэса, але і падкрэсліваю, ЕГУ знайшоў магчымасць інстытуцыянальна ўдзельнічаць у працы Кангрэса. Зычу ўсім плёну, і спадзяюся, што хутка мы зразуем, еўрапейскасць і беларускасць — гэта сінонімы ці антонімы?».

Апроч мноства прэзентацый і круглых сталоў, а таксама вялікай колькасці секцый і панэлей, мадэратарамі і ўдзельнікамі якіх сталі выкладчыкі і выпускнікі ЕГУ, праграма аднаго з найбольш значных інтэлектуальных мерапрыемстваў сучаснай беларускай акадэмічнай прасторы Беларусі ўключала адкрыццё адмысловай выставы дацэнта Дэпартамента медыя ЕГУ Сяргея Сялецкага «Свет пазітыву і добрага настрою...». У іранічных працах вядомага беларускага мастака былі паказаныя эфекты камунікацыі праз сацыяльныя медыя. Гратэскныя персанажы ўключаныя ў масавыя акцыі, то кудысці імчацца без агляду, то ваююць «за ўсё добрае, супроць усяго дрэннага», ставяць рытарычныя пытанні, масава адпачываюць на беразе мора. Аўтарскі стыль графікі дацэнта Сялецкага ўключае тонкія кампазіцыйныя нюансы, стварае пачуццё лёгкасці і нерэальнасці ў намаляваных сцэнах. Арганізатарамі выставы сталі кіраўніца Дэпартамента медыя д-р Ала Пігальская і куратар праграмы «Візуальны дызайн і медыя» Максім Жук.

У першы дзень Кангрэсу беларускія даследчыкі і навукоўцы гэтаксама пазнаёміліся з новай кнігай лектара Дэпартамента сацыяльных і палітычных навук ЕГУ Уладзіслава Іванова «Гід па фемінізацыі беларускай мовы» падчас адмысловай прэзентацыі. На працягу ўсяго мерапрыемства асаблівую цікавасць гасцей і ўдзельнікаў Кангрэса выклікала магчымасць набыцця публікацый, выданняў і кніг ЕГУ, якія прысвечаны беларускім і рэгіянальным даследванням.

У другі дзень працы Кангрэса адмысловы круглы стол «Што такое беларускія даследванні сёння і якімі яны мусяць быць?» з удзелам выкладчыкаў ЕГУ праф. Ірыны Раманавай, дац. Алены Гапавай, дац. Сяргея Любімава, д-р Вольгі Сасункевіч, д-р Алы Пігальскай, д-р Таццяны Чуліцкай, лектара Уладзіслава Іванова і выпускніка ЕГУ Аляксандра Першая абмяркаваў традыцыі даследванняў Беларусі і лакальныя даследчыя практыкі.

Кульмінацыяй Кангрэса стала цырымонія ўручэння прэмій за найлепшыя публікацыі апошніх двух гадоў. Прэмію імя Зоры Кіпель за найлепшую кнігу ў галіне гуманітарных навук атрымаў выпускнік магістарскай праграмы ЕГУ «Ахова і інтэрпрэтацыя культурнай спадчыны» 2009 года Цімафей Авілін за кнігу «Паміж небам і зямлёй: этнаастраномія». Па словах выпускніка: «Я хачу сказаць маладым даследчыкам, маладым навукоўцам ці проста людзям, якія нечым цікавяцца, каб яны не сыходзілі са сваёй дарогі і займаліся менавіта той тэмай, якая іх сапраўды вабіць. Гэта вельмі важна».

Фота: Яраслаў Іванюк

Падобныя навіны
Co-financed by:European Commission