Еўропа-2017. Ад друкаванага слова да ведаў: лакальныя традыцыі і глабальны пераход

Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт (Вільня, Літва) запрашае студэнтаў бакалаўрскіх і магістарскіх праграм да ўдзелу ў міжнароднай студэнцкай канферэнцыі «Еўропа-2017. Ад друкаванага слова да ведаў: лакальныя традыцыі і глабальны пераход», якая адбудзецца 6-7 траўня ў Вільні.

Студэнцкая навуковая канферэнцыя ЕГУ сёлета ладзіцца пад знакам дзвюх выбітных датаў: 500-годдзя выдання Францыскам Скарынам першай беларускай друкаванай кнігі (і першай друкаванай кнігі на ўсходнеславянскай мове) і 25-гадовага юбілею Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта.

2-5 траўня плануецца правесці перадканферэнцыйную падрыхтоўчую праграму, якая будзе ўключаць воркшопы, лекцыі, круглыя сталы, прэзентацыі кніг і студэнцкіх навуковых праектаў, прагляды фільмаў, трэнінгі ды культурную праграму, прапаноўваючы студэнтам з розных краін магчымасці нефармальнай камунікацыі і знаёмства з ЕГУ. Праграма мерапрыемстваў з’явіцца ў пачатку красавіка 2017 г.

Працоўныя мовы канферэнцыі: беларуская, руская, англійская.

Працэдура і тэрміны падачы заявак

Заяўкі прымаюцца ад студэнтаў бакалаўрскіх і магістарскіх праграм. Удзел у канферэнцыі – на падставе конкурсу (будзе зроблены адбор заявак). Анлайн-заяўка павінна ўтрымліваць тэзісы даклада (аб’ём 3000-6000 знакаў).

Калі вам неабходная віза: апошні тэрмін падачы заявак - 25 лютага 2017 г. Вынікі конкурснага адбору будуць паведамленыя не пазней за 8 сакавіка 2017 г.

Калі вам не трэба віза: апошні тэрмін падачы заявак - 25 сакавіка 2017 г. Вынікі конкурснага адбору будуць паведамленыя не пазней за 8 красавіка 2017 г.

Удзел у канферэнцыі бясплатны (без рэгістрацыйнага ўнёску).  Канферэнцыя вочная: патрабуецца абавязковая асабістая прысутнасць удзельніка ў Вільні і выступленне з дакладам.

Месца правядзення канферэнцыі: навучальны корпус Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (вул. Валакупю, 5, Вільня, Літва).

Візавая падтрымка

Студэнты, якім неабходная візавая падтрымка, павінныя ў заяўцы пазначыць актуальныя пашпартныя звесткі для атрымання візаў. Пашпарт павінен быць прыдатны для выезду за мяжу. Віза выдаецца бясплатна.

Выдаткі на праезд

Выдаткі на праезд да Вільні і назад удзельнікі аплачваюць самастойна. ЕГУ не мае магчымасці забяспечыць удзельнікам трэвэл-гранты.

Жытло

На перыяд правядзення канферэнцыі ўсім удзельнікам прадастаўляецца жытло ў бюджэтных гатэлях або хостэлах (бясплатна на дзве ночы – 5–7 траўня). Універсітэт не пакрывае выдаткі на жытло па-за пазначанымі датамі (акрамя: гл. пункт “Фінансавая падтрымка”).

Харчаванне

Падчас працы секцый будуць арганізаваныя кава-паўзы для ўсіх удзельнікаў. Апрача таго, у кошт пражывання ў гатэлі/хостэле зазвычай уключаны сняданак. Іншыя выдаткі на харчаванне ўдзельнікі пакрываюць самастойна. Сутачныя не прадугледжаныя.

Фінансавая падтрымка

Аўтары найлепшых тэзісаў дакладаў (паводле выбару кіраўнікоў секцый) будуць узнагароджаныя мінігрантамі, якія пакрываюць выдаткі на пражыванне ў Вільні цягам усяго цыклу канферэнцыйных мерапрыемстваў (2-7 траўня). Калі аплікант жадае прэтэндаваць на мінігрант, просім пазначыць гэта ў анлайн-заяўцы і запоўніць поле “Матывацыя”. Мінігрант пакрывае пражыванне і ў грашовым эквіваленце на рукі не выдаецца. Атрымальнік мінігранту павінен гарантаваць свой удзел у перадканферэнцыйных мерапрыемствах у вышэйзгаданыя даты.

Да таго ж, сёлета ўпершыню аўтар(-ка) найлепшага даклада на студэнцкай канферэнцыі ЕГУ атрымае мінігрант, каб наведаць Міжнародны Кангрэс даследчыкаў Беларусі (які пройдзе 15-17 верасня ў Варшаве), дзе яму/ёй будзе ўручаны ганаровы сертыфікат.

Зборнік навуковых працаў

Зборнік тэзісаў не публікуецца. Па выніках канферэнцыі плануецца выданне анлайн-зборніка артыкулаў удзельнікаў канферэнцыі. Працэдура адбору артыкулаў для публікацыі:

  • вы выступаеце з дакладам на нашай канферэнцыі;

  • кіраўнік секцыі рэкамендуе ваш даклад да публікацыі (увага: рэкамендаваныя будуць толькі найлепшыя даклады);

  • цягам вызначанага часу вы перапрацоўваеце даклад у артыкул і дасылаеце яго кіраўніку секцыі;

  • кіраўнік секцыі прымае альбо адкідае артыкул, выказвае заўвагі і прапановы па ўдасканаленні;

  • зборнік праходзіць рэдактуру. 

Кантакты

Кантактны адрас: studentconference@ehu.lt За абнаўленнямі сачыце на нашых старонках у сацыяльных сетках: VK, Facebook.

Co-financed by:European Commission